Дзяржаўная ўстанова культуры «Цэнтр гісторыі і культуры Акцябрскага раёна»

У ліпені 1967 года ў гарадскім пасёлку Акцябрскі быў заснаваны музей Народнай Славы, які быў адкрыты для наведвальнікаў з 1 студзеня 1968 года. Меў тры экспазіцыйныя залы, больш за 1500 экспанатаў асноўнага фонду. Экспазіцыя адлюстроўвала гісторыю раёна з дарэвалюцыйных часоў да нашых дзён. У пачатку 1994 года музей згарэў. Адразу ж было прынята рашэнне выканкама райсавета за кароткія тэрміны стварыць новы будынак музея метадам народнай будоўлі, адкрыццё якога адбылося 6 мая 1995 года. З мэтай эфектыўнасці арганізацыі навукова-даследчай работы, збору і апрацоўкі экспанатаў, рэалізацыі тэматыка-экспазіцыйнага плана, пашырэння кола дзейнасці ўстаноў музейнага тыпу ў лістападзе 1995 года музей Народнай Славы рэарганізаваны ў Цэнтр гісторыі і культуры.

На 01.01.2024г. асноўны фонд музея складае 2 734 экспанатаў, навукова-дапаможны — 1 268. Сярод найбольш цікавых калекцый можна адзначыць наступныя:

  1. Фотадакументы (у калекцыі шмат фотаздымкаў, дакументаў, якія расказваюць пра станаўленне Савецкай улады ў Рудабелцы, трагічных падзеях Вялікай Айчыннай вайны і г.д.).
  2. Прадметы побыту (у калекцыі прадметы побыту, якімі карысталіся мясцовыя жыхары ў канцы XIX — пач. XX стст.).
  3. Адзенне (у калекцыі беларускае народнае адзенне, партызанскае адзенне, піянерская форма, форма піянерважатай, форма воінаў-інтэрнацыяналістаў).
  4. Фалерыстыка (у калекцыі ордэны і медалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, значкі).
  5. Нумізматыка (у калекцыі манеты СССР і г.д.)

Асноўны напрамак дзейнасці — збор, вывучэнне, захаванне і папулярызацыя гісторыка-культурнай спадчыны раёна, грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі і навучэнцаў школ. Выдадзены буклеты — «Знакі нашай памяці», «Рудабелка гераічная», «Рудабелка турыстычная», «Традыцыйная культура і дзеці». На базе музея працуе гісторыка-краязнаўчае аб'яднанне «Спадчына» і клуб гісторыкаў. У 2013 г. на базе музея прайшоў абласны семінар «Музей і традыцыйная культура Беларусі».